Ваша кар’ера ў вашых руках
Настаўніцкая газета
Чым займаецца кансультант па кар’еры ў сярэдняй школе; што дапамагае школьнікам зрабіць правільны выбар будучай прафесіі; якая сувязь паміж профільнымі прадметамі і жыццёвым поспехам — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 5 Светлагорска Святлана Віктараўна СКУРЧАЕВА.
— Як у вашай школе з’явіўся кансультант па кар’еры?
— Гэта была прапанова нашага дырэктара — Людмілы Васільеўны Дземідзенка. У нашай установе вядзецца вялікая дапрофільная і профільная падрыхтоўка. Нам патрэбен спецыяліст, які б дапамагаў маладым людзям знайсці сваё прызванне, прадаставіў ім інфармацыю пра плюсы і мінусы пэўнай прафесіі, аб тых навучальных установах, дзе можна атрымаць прафесійную адукацыю, праілюстраваў магчымыя варыянты кар’ернага росту, паведаміў аб запатрабаванасці на рынку працы спецыялістаў пэўнай кваліфікацыі. Гэта ўсё можа зрабіць кансультант па кар’еры. Важна, каб школьнікі самастойна рабілі свой выбар, а не жылі чужымі думкамі.
— Цікава, як дзеці, настаўнікі, бацькі ўспрынялі факт, што ў школе з’явіўся такі незвычайны для сістэмы адукацыі спецыяліст?
— Адразу гэта гучала незвычайна, але само слова “кар’ера” дзецям і дарослым падабаецца. Усе адчулі, што наша работа накіравана не проста на прафесійнае вызначэнне школьнікаў, а на іх паспяховае ўладкаванне ў жыцці. Мы часта гаворым з вучнямі пра тое, што, каб нечага з вучнямі дасягнуць, трэба прыкласці шмат намаганняў. У кожнага з нас ёсць магчымасць рухацца наперад. Дзеля гэтага трэба быць мэтанакіраваным, працавітым.
— Якімі ж ведамі і навыкамі павінен валодаць кансультант па кар’еры, каб аказваць школьнікам якасную кансультацыю? Такіх спецыялістаў для школы, вядома, ніхто не рыхтуе…
— Кансультант па кар’еры павінен перш за ўсё сам цікавіцца асаблівасцямі кожнай прафесіі, быць псіхолагам. Раней я выкладала ў 9 класах курс “Выбар прафесіі”, але гэтага недастаткова, каб сапраўды дапамагчы вучням зрабіць правільны выбар. Актыўная работа па рэалізацыі інавацыйнага праекта ў нашай школе дазволіла мне эфектыўней фарміраваць у вучняў прафарыентацыйную падрыхтаванасць да выбару ўзроўню вывучэння асобных прадметаў з улікам інтэлектуальных магчымасцей і прафесійных намераў кожнага з іх.
— Як пабудавана ў вашай установе работа па вызначэнні вучнямі профільнага кірунку на старшай ступені?
— Для вучняў 7—8 класаў на базе вучэбна-вытворчага камбіната арганізавана вывучэнне факультатыўнага курса пад назвай “Калейдаскоп прафесій”. Падчас праходжання курса навучэнцаў чакаюць прафесійныя пробы. Спачатку дзеці знаёмяцца з прафесіямі тэарэтычна, а затым практычна. Дзяўчаты, напрыклад, вывучаюць такія спецыяльнасці, як прадавец, швачка, кухар, сакратар. Хлопцы даведваліся, чым займаецца на рабочым месцы муляр, аператар ЭВМ, прадавец. Для вучняў ладзіліся экскурсіі на прадпрыемствы. Пасля заканчэння курса васьмікласнікі атрымалі сертыфікаты аб знаёмстве з рабочымі прафесіямі. У 9 класе пачынаецца факультатыў “Мая прафесійная будучыня”. Гэты курс накіраваны на знаёмства вучня з самім сабой, з работай памяці, мыслення, як гэта ўсё звязана з прафесійнай дзейнасцю. Педагог-псіхолаг праводзіць розныя дыягностыкі і дапамагае дзецям лепш пазнаць сябе. Я імкнуся зрабіць так, каб вучні даведаліся аб як мага большай колькасці прафесій. Часам дзеці пытаюцца: “Мы ўжо вызначыліся, а вы нам працягваеце расказваць пра прафесіі. Чаму?”. Адказваю, што жыццё непрадказальнае, яны павінны ведаць, што рабіць, калі не атрымаецца па здароўі ці яшчэ па якой-небудзь прычыне атрымаць жаданую прафесію. Здараецца, што і падчас навучання ў ВНУ чалавек асэнсоўвае, што гэта не яго рамяство. Мы разбіраемся, якія цяжкасці і якія плюсы ў прафесіі. Нядаўна, напрыклад, гаварылі пра журналістыку, разглядалі, як працуюць карэспандэнты ў зонах баявых дзеянняў. Адбылася цікавая размова. Дзеці актыўна выказвалі меркаванні. На гэтым этапе далучаецца класны кіраўнік, які праводзіць бацькоўскія сходы. На іх мы расказваем татам і мамам, якую дапамогу яны могуць аказаць сваім дзецям у выбары профільнага кірунку, будучай прафесіі. У канцы 9 класа вучні вызначаюцца: адны выбіраюць рабочыя спецыяльнасці і паступаюць у прафесійныя каледжы і ліцэі, другія жадаюць працягнуць навучанне ў 10 класе, таму выбіраюць прадметы, якія будуць вывучаць на павышаным узроўні.
— У дзясяты клас падлеткі ідуць асэнсавана, яны нацэлены на паступленне ў ВНУ, значыць, іх балы па профільных прадметах павінны быць дастаткова высокімі?
— Калі ў 10 клас прыйдуць вучні з высокімі баламі па профільных прадметах, гэта значыць, што прафарыентацыйная работа праведзена з выпускнікамі базавай школы на высокім узроўні.
— У сваёй школе вы можаце задаволіць запыты кожнага вучня ў выбары профільных прадметаў? А калі нехта, напрыклад, захоча вывучаць на паглыбленым узроўні матэматыку і англійскую мову ці матэматыку і хімію?
— Перад тым як вызначаць кірункі, мы, безумоўна, праводзім апытанне сярод дзяцей: якія яны хацелі б вывучаць прадметы на павышаным узроўні, каб затым паступаць у ВНУ. Зыходзячы з іх адказаў, плануем сваю работу. У нас вучні выбіраюць, напрыклад, грамадазнаўства і англійскую мову, каб потым паступаць на правазнаўчы кірунак.
— Як мне вядома, вы актыўна агітуеце сваіх навучэнцаў выбіраць педагагічныя прафесіі. Чым гэта выклікана, не хапае педагогаў у школе?
— Недахопу ў педагогах у нашай школе няма. У нас працуюць творчыя, вопытныя, паспяховыя настаўнікі, якія часта становяцца прыкладам для сваіх вучняў, а пазней і ўплываюць на прафесійны выбар выпускнікоў. Мне як кансультанту па кар’еры застаецца раскрыць перад вучнямі сутнасць настаўніцкай прафесіі, таму што менавіта яна была і застаецца адной з самых запатрабаваных. Не кожны можа стаць настаўнікам. Настаўнік — чалавек, які павінен умець перадаваць свае веды дзецям, вучыць іх працаваць і здабываць веды самастойна.
Мэтанакіраваная работа дала вынікі. Калі чатыры гады назад на педагагічныя спецыяльнасці паступалі 2 нашы выпускнікі, у пазамінулым годзе — 3, то ў мінулым годзе ўжо 12 нашых выпускнікоў паступілі ў ВНУ на педагагічныя спецыяльнасці. Іх выбар быў мэтанакіраваным, яны настроены працаваць у школе. Я лічу гэты паказчык выдатным.
— Якія памылкі часцей за ўсё робяць маладыя людзі пры выбары профільных прадметаў?
— Гэта так званы выбар прадмета “за кампанію”: сябар ідзе на гэты кірунак, і я хачу разам з ім. Каб пазбегнуць такой сітуацыі, мы праводзім вялікую работу. Перад паступленнем у 10 клас у чэрвені запрашаем вучняў і бацькоў на гутарку, падчас якой высвятляем, чаму яны выбіраюць пэўныя прадметы, куды збіраюцца паступаць пасля школы. І калі ў размове з вуснаў дзіцяці гучыць фраза: “А я хачу з Машай, Сашам…”, то ідзе тлумачэнне, што за кампанію жыццё не пражывеш, у кожнага свой шлях у прафесію.
Дзесяцікласнікі з задавальненнем наведваюць дадатковыя заняткі па профільных прадметах. Многія ўдзельнічаюць у алімпіядах. Яны бачаць вынікі сваёй працы падчас здачы рэпетыцыйнага тэсціравання.
— Для таго каб школа стала профільнай ці мультыпрофільнай, якія ў яе павінны быць умовы: добрая матэрыяльная база, высокакваліфікаваныя педагогі, спецыяльная праграма, магчымасць узаемадзейнічаць з ВНУ?
— Самае галоўнае — павінны быць высокакваліфікаваныя кадры. Педагогі павінны мець добрую прадметную падрыхтоўку, каб выкладаць у профільных класах, групах. У нашай школе добры кадравы патэнцыял, на які можна абаперціся. У 10—11 класах працуюць настаўнікі з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, спецыялісты, якія добра ведаюць свой прадмет. Таму вучні з добрым настроем ходзяць на заняткі. А што наконт матэрыяльнага забеспячэння, то, мне здаецца, многія школы сёння забяспечаны камп’ютарамі, мультымедыяпраектарамі і іншай тэхнікай. Асноўная мэта дапрофільнага навучання — дапамагчы школьнікам вызначыцца з профілем. А асноўныя мэта профільнага навучання — індывідуалізацыя навучання і прафесійная арыентацыя кожнага вучня.
Мы ўсе разам — адміністрацыя, настаўнікі — імкнёмся зрабіць так, каб вучням было камфортна ў школе, каб яны атрымлівалі веды, якія ім дапамогуць быць канкурэнтаздольнымі і шчаслівымі ў прафесіі. Сёння нашы вучні, якія праходзілі прафесійныя пробы, займаюцца ў 9 класе і ўжо ў наступным годзе прыйдуць у 10 клас. Вось тады мы зможам падвесці вынікі сваёй работы па прафарыентацыі вучняў у інавацыйным праекце.
— Як вы лічыце, у кожнай школе павінен быць спецыяліст па кар’еры?
— Такі спецыяліст патрэбен школе. Калі дзеці будуць ведаць, што ва ўстанове ёсць чалавек, які займаецца пытаннямі паспяховай сацыялізацыі, пошуку будучага кірунку, то будуць актыўней да яго звяртацца. Зараз адкрываецца шмат новых спецыяльнасцей, таму важна дапамагчы вучням вызначыць плюсы і мінусы ў кожнай прафесіі, абмеркаваць, куды можна паступіць, а потым і працаўладкавацца, якім будзе кар’ерны рост. Нашы вучні разумеюць, што ад таго, наколькі правільна яны выбралі профільныя прадметы, залежаць іх будучыя дасягненні ў жыцці.
Святлана КІРСАНАВА